Бывае, праўда вочы коле…
Люблю зазірнуць на сайт “Литературной газеты”. Добрая, шаноўная газета, для тых, хто цікавіцца літаратурным працэсам, проста незаменная. Раней выпісваў яе па пошце, затым купляў у кіёсках, але яна аказалася дарагой, не па кішэні. А тут газетны сайт, і бясплатны. Ну, чаму ж не выкарыстаць такі шчаслівы шанц?
Да чаго ж хілю гаворку? Нядаўна ў анатацыі на адну з апошніх кніг галоўнага рэдактара газеты Юрыя Палякова “вывудзіў” выраз, які ўразіў мяне выключнай трапнасцю: “Праўда – гэта прадукт, які хутка псуецца і не можа доўга захоўвацца”.
Гэта вобраз. Мы можам здагадацца, што ці каго меў на ўвазе вядомы расійскі пісьменнік, відаць, тых, хто жыве, як флюгер: куды вецер, туды і стрэлка. Але ж кажуць: у кожнага свая праўда. Дык што – флюгерам, прыстасаванцам быць не так ужо і крыўдна, і абразліва?
Помню, падарылі мне брашурку пра тое, як павінен сябе паводзіць чалавек, словам, пра этыку паводзін, пра тое, як кажуць, што такое добра, а што – не вельмі. Брашурка была карыснай любому класнаму кіраўніку ў школе.
Было гэта даўно. Думалася, нормы этыкі – катэгорыя калі не вечная, то на некалькі пакаленняў. Вучылі, вучылі дзяцей, а тыя – сваіх дзяцей, а ўвогуле культуры паводзін у людзей не прыбыло. Еду ў дызелі. Народу бітком, многія стаяць. Побач са мной стаіць немаладая жанчына, побач з ёй – сівы дзед. Я спрабую ўзняцца з лаўкі, каб пасадзіць жанчыну, але тая раптам адмаўляецца: “А чаму вы ўстаяце? Вось тут, на месцы, дзе малая, я і сяду”. І яна прымасцілася на край лаўкі і, каб самой ямчэй сесці, паціснула людзей да акна.
Вы не ўяўляеце, што тут пачалося! Жанчына, якая сядзела побач з дзяўчынкай, ускочыла з месца і вызверылася на старую так, што хоць не глядзі – сорамна і брыдка! Яна крычала, што і ў “дачуркі” білет, што і яна мае права сядзець, а не ехаць стоячы. Нейкі мужчына паспрабаваў спыніць гэты напор, давесці, што матуля памыляецца, што дзіця павінна паважаць старога і нямоглага чалавека, але і яму дасталася на арэхі.
Ну, скажыце, каго выхоўвае гэтая маці-крыкуха? Такую ж, як і сама. Адкуль гэты “вірус”? Што, у яе свая праўда? Не, за ёй не праўда, за ёй горла, за ёй нахрапістасць, якая пераходзіць у хуліганства. Такіх трэба спыняць сілаю закона. Вось калі б за лаянку ў грамадскім месцы яна выняла з кашалька і раз, і другі, можа, і прысмірэла б. Гэта за лаянку. А хто можа змусіць яе ўзяць “дачурку” на калені, вызваліўшы месца старому чалавеку?.. За “праколы” ў этыкеце паводзін не судзяць. Хаця гэты “вірус” не менш страшны, чым любая інфекцыя па лініі медыцыны.
Вось, кажуць, рэзаць праўду-матку.
Хто ў нас любіць яе, гэтую праўду? І дзе тая мяжа, якая падзяляе праўду і звычайную абразу ці тую ж лаянку? Адзін навучыўся прыгожа і гладка гаварыць, умее прыстасавацца да абставін. Знаёмы, ведаючы, што чалавек умее падстроіцца пад любога начальніка, горача даводзіць:” Малайчына, так і трэба!” Каму трэба і навошта? Для чаго ён мяняецца, як скура ў хамелеона? Для таго, каб жыць самому. Каб выжыць. І пра тое, што не этычна гэта, нават непрыстойна, гаворкі ніхто не вядзе. А дарэмна. Куды ж падзяваўся наш бунтарскі дух? Дух Кастуся Каліноўскага і Васіля Быкава, дух Барыса Пастарнака і Міхаіла Булгакава? Чаму мы знішчылі ў сабе гэтае змаганне за тое, каб жыць лепш. Дзе нашы прафсаюзы – абаронцы рабочага чалавека? Помню, прачытаў у “Звяздзе” пра тое, што яны “акрысіліся”, калі ўрад увёў аплату па часовай непрацаздольнасці на 80% сярэдняга заробку. Калі на рабоце скразнякі, калі пыл і смурод, у выніку чалавек захварэў – дык што, губляць яму ў зарплаце, якая і без таго сухотная? Такая была пазіцыя прафсаюзаў. Але духу хапіла ім усяго на адну публікацыю. Або вось цыркаюць са студзеня па кроплі павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду і трубяць пра гэта ўсе газеты як клопат пра чалавека. Ну, дабавілі 50 тысяч да зарплаты. Усё было б нічога, калі б замарозілі цэны. Але яны ніяк не могуць “угаманіцца”: на электраэнергію паднялі тарыфы і са жніўня, і з верасня, не кажам пра дарагое мяса, пра дзіцячае адзенне (хто збіраў дзіця ў школу, той ведае). У рэдакцыю 27 жніўня патэлефанавала ўсхваляваная жанчына. Яна даярка ААТ “Лаўжанскае” і разлічвала, што атрымае за ліпень зарплату і збярэ дачку ў школу. Не атрымліваецца. Яшчэ горш з гэтым у КУСГП “Мішневічы”, адкуль званіў занепакоены мужчынскі голас. Што будзе далей, адну Богу вядома. Такая няпэўнасць раздражняе, не надае аптымізму. І яшчэ – і жанчына, і мужчына пабаяліся назваць сваё імя: баяцца “рэпрэсій”. Дык што, чалавек у нас такі зацюканы?..
Вось такая праўда, ад якой прыкра на душы. Але яна праўда, і з ёю трэба лічыцца. Усім, хто сапраўды дбае пра чалавека працы, пра яго будучыню.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №71 ад 10.09.2013 г.
Размышления. Бывает, правда глаза колет…
