У Цэнтры дзяцей і моладзі працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Педагогі дадатковай адукацыі з’яўляюцца кіраўнікамі шматлікіх аб’яднанняў па інтарэсах. І каб пабачыць плён работы выхаванцаў, трэба пабываць на выставах, якія ладзяцца пры Цэнтры, а таксама да розных раённых мерапрыемстваў і святаў, напрыклад, да 9 Мая, да Дня Незалежнасці. Пераемнасць пакаленняў, узаемасувязь паміж настаўнікамі і вучнямі, узлёт фантазіі, уменне бачыць прыгожае і, галоўнае, стварыць яго сваімі рукамі – гэта і аб’ядноўвае творцаў.
“Нашы работнікі адлюстроўваюць разнастайны свет творчасці, – кажа метадыст Цэнтра Т. М. Мураўёва. – Яны пастаянна працуюць над сабой, не стамляюцца ў пошуках новых ідэй”.
Педагогі дадатковай адукацыі Цэнтра дзяцей і моладзі часта рыхтуюць выстаўкі па баціку (роспіс па тканіне) “У вясёлцы фарбаў”. Вельмі прыгожыя работы кіраўніка гурткоў Н. П. Пятроўскай і яе выхаванцаў.
Заўсёды арыгінальныя вырабы ў выхаванцаў У. П. Каласкова, які выкладае некалькі аб’яднанняў па інтарэсах. Ад жывапісу, эцюдаў, пейзажаў Уладзімір Пятровіч перайшоў да партрэтаў. І тут адчуваецца рука прафесіянала.
Педагогам дадатковай адукацыі працуе ад Цэнтра дзяцей і моладзі ў Сіроцінскай школе Г. Д. Курыловіч. Яна вучыць дзяцей бісерапляценню. На рахунку яе выхаванцаў ужо багатая калекцыя.
Часта пры Цэнтры дзяцей і моладзі арганізуюць прагляд індывідуальных работ дзяцей. Напрыклад, сёлетняга выпускніка аб’яднання па інтарэсах Антона Шабанава, які займаецца разьбой па дрэву. Эстафету старэйшых перанялі малодшыя. Вучань СШ №1 Данііл Сафонаў, напрыклад, вельмі горды тым, што падрыхтаваў некалькі сваіх работ з фанеры для прагляду.

“Прыемна, што ў раённых выставах прымаюць ўдзел не толькі спецыялісты наша Цэнтра, але і настаўнікі школ раёна – кажа Т. М. Мураўёва. – Нават з падручнага матэрыялу можна зрабіць прыгожыя карціны – такую выснову робяць тыя, хто хоць аднойчы пабачыў плён творчых здабыткаў настаўніцы працоўнага навучання СШ №1 Н. М. Спірыдонавай. Выстаўляюць свае работы і настаўнікі іншых школ раёна: В. Д. Сташонак з Мікіціхінскай СШ, А. І. Міляк і А. В. Барысевіч з Кардонскай СШ. Яны ўсе займаюцца вышыўкай, ствараюць непаўторныя карціны, ручнікі і сурвэткі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №70 ад 06.09.2013 г.