Па гарачых слядах
Жыхар райцэнтра звярнуўся ў міліцыю з той нагоды, што ў яго з дома ўкралі некалькі камплектаў пасцельнай бялізны, абутак, мабільны тэлефон і прадукты харчавання. Па гарачых слядах злачынцу знайшлі. У чужым доме “пагаспадарыў” раней судзімы жыхар Шуміліна. Злачынца затрыманы, месца знаходжання ўкрадзеных рэчаў высвятляецца.
Снарад
На полі паміж вёскамі Мікіціха і Цаўі знайшлі снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. З Віцебска прыехала брыгада размініравання. Снарад абясшкоджаны і знішчаны.
Без акон, без дзвярэй
Жыхар Віцебска, які ў чарговы раз прыехаў на дачу ў Шавекі, проста аслупянеў: у доме не было ўваходных дзвярэй. Злодзеі паквапіліся не толькі на ўваходныя металічныя дзверы, але і на міжпакаёвыя драўляныя – знялі ўсе чацвёра. А заадно – і пяць аконных блокаў. Так што дача атрымалася без акон, без дзвярэй у прамым сэнсе гэтых слоў.
Дакументы і грошы
У доме жыхара райцэнтра пабывалі злодзеі. Гаспадар расказаў супрацоўнікам міліцыі, што прапалі дакументы – пашпарт і вадзіцельскае пасведчанне, тры мільёны рублёў і два мабільныя тэлефоны. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі злодзея, ім аказаўся непрацуючы раней судзімы жыхар Полацка, месца знаходжання якога ўстанаўліваецца.
Знайшлі злачынцаў
Супрацоўнікі РАУС устанавілі месца знаходжання двух злачынцаў, якія былі ў вышуку. Абодва мужчыны, жыхары Улы, прыцягнуты да адказнасці за крадзяжы.
На мотакультыватары
На вуліцы Безымяннай у Шуміліне работнікі дзяржаўтаінспекцыі прыпынілі мясцовага жыхара, які ў стане алкагольнага ап’янення ехаў на мотакультыватары “Фермер”. Гэты ж мужчына і раней прыцягваўся да адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане. На гэты раз супраць аматара п’янай язды Шумілінскім аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.
Як высветлілася, мотакультыватар парушальніку перадаў жыхар а.-г. Башні. І, як патлумачыў міліцыянерам, не заўважыў, што той быў нецвярозы. Тым не менш жыхару а.-г. Башні пагражае штраф і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам на тры гады.
Хуткасць
Жыхар Расійскай Федэрацыі, які ехаў на аўтамабілі “Форд”, перавысіў дапушчальную хуткасць руху на 22 кіламетры ў гадзіну і не выканаў патрабаванне супрацоўнікаў ДАІ спыніцца. На вадзіцеля складзены два адміністрацыйныя пратаколы, яму пагражае штраф 1,2 мільёна рублёў.
Нецвярозы
Жыхара Мікіціхі на аўтамабілі “Опель-Астра” спынілі супрацоўнікі ДАІ ў Верхнядзвінскім раёне. Як высветлілася, вадзіцель быў нецвярозы. Ён выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Криминал. Происшествия
