Криминал. Происшествия

Происшествия

Міны
Ля апоры электраперадач у Дворышчы (непадалёк ад брацкіх могілак) была знойдзена граната  часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёры, якія прыехалі з Віцебска, знайшлі непадалёк яшчэ дзве міны.  Граната і міны абясшкоджаны і знішчаны.
Салярка
Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў аднаго з жыхароў раёна незаконнае дызельнае паліва. 13 каністраў, агульнай ёмістасцю 170 літраў, былі пакінуты на захоўванне ў адным з ангараў “Шумілінскага райаграсэрвісу”. Але гэтыя каністры прапалі. Узбуджана крымінальная справа, злодзеі вышукваюцца.
Аліменты
Жыхар Шуміліна са студзеня бягучага года не плаціў аліменты на ўтрыманне сваіх дзвюх непаўналетніх дачок.  А плаціць не было з чаго, бо на работу мужчына не ўладкоўваўся. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.
Бомж
У жыхара в. Дабея з памяшкання агульнага падвала ўкралі шматхуткасны веласіпед коштам 2,3 мільёна рублёў. Аказалася, злодзей без перашкод увайшоў у падвал, бо ўваходныя дзверы былі незамкнутыя. Паквапіўся на чужы веласіпед раней судзімы мужчына без вызначанага месца жыхарства. Злодзей затрыманы, веласіпед канфіскаваны.
У ходзе расследавання быў раскрыты яшчэ адзін крадзеж. Яшчэ ў маі з дачнага дома ў в. Прыазёрная ўкралі музычны цэнтр, коўдры і падушкі. Устаноўлена, што здзейсніў крадзеж і сарваў навясны замок у чужым доме гэты ж мужчына без вызначанага месца жыхарства. Узбуджана крымінальная справа.
Дыстанцыя
Непрацуючы жыхар Шуміліна паехаў на ўласнай легкавушцы ў Докшыцкі раён. І там парушыў правілы дарожнага руху  –  не захаваў патрэбную дыстанцыю, наехаў на “Фіят”. Машыны пашкоджаны.
Падобная аварыйная сітуацыя сдарылася і ў Віцебску. У гэтым здарэнні вінаваты жыхар Мікіціхі, які на асабіс-тай легкавушцы наехаў на аўтамабіль “Хундай”. Абодва вадзіцелі выкліканы на адміністрацыйную камісію РАУС.
А вось жыхар Шуміліна не захаваў патрэбную дыстанцыю, калі ехаў на ГАЗ-53 (машына належыць шумілінскаму цэху ААТ “Малако”). На перакрыжаванні вуліц Юбілейная –Луначарскага вадзіцель сутыкнуўся з “Фольксвагенам”, які ехаў уперадзе. Машыны пашкоджаны, людзі не пацярпелі. Складзены адміністрацыйны пратакол.
На матацыкле
Жыхар а.-г. Башні  раз’язджаў па вясковых вуліцах без правоў кіравання і моташлема, пакуль яго не прыпынілі работнікі дзяржаўтаінспекцыі. Як высветлілася, дакументаў аб рэгістрацыі мапеда мужчына таксама не меў. Складзены тры адміністрацыйныя пратаколы. Вяскоўцу пагражае штраф памерам да 2,5 мільёна рублёў.
Не размінуўся
Непрацуючы жыхар в. Каравайніца ехаў на трактары Т-16 па вёсцы і не размінуўся са слупам лініі электраперадач. Наехаў і на агароджу адной з мясцовых жыхарак. З месца ДТЗ мужчына збег і распіваў спіртное. На мужчыну складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы. Яму пагражае штраф і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *