Пішу пра дровы, а на вуліцы спякота. І пакуль пра зіму не думаецца. Хаця не скажаш, што не клопатна ні кіраўнікам арганізацый, дзе ёсць свае кацельні, ні самому прыватнаму гаспадару. Той, у каго свой дом, шукае варыянты, каб дровы абышліся яму танна, каб не абяскровілі сямейны бюджэт. Не спяць у шапку і кіраўнікі, лічаць кожную капейку. Таксама шукаюць варыянты. Іх хапае, хаця спярша кожны з іх разлічваў на дапамогу Шумілінскага лясгасу. Аднак спадзяванні аказаліся марнымі. “Гора з дрывамі, – сумна зазначыў галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў. – Лясгас корміць “заўтракамі”. Давялося пабегаць, пашукаць больш надзейных партнёраў…”
Аб’явілі ў ЦРБ тэндар на закупку дроў, і грошы заплацілі, але ніхто не адгукнуўся. Звярнуліся да ПУП “Пульс-Торг” з Шуміліна. І няхай прыватнік патрабуе рэгулярнай (але не папярэдняй) аплаты за прывезеныя дровы, тым не менш не так трывожна будзе за паліва (яго трэба на зіму 540 м куб.).
Свае падыходы (хаця кожны год даводзіцца шукаць новыя варыянты) ў аддзела адукацыі, і аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У першых ёсць свой трактар, які панавозіў недзе 200 “кубоў”. І хаця патрэба – 900 м куб., аднак намеснік начальніка аддзела адукацыі В. М. Саковіч у адчай не кідаецца. “Абяцаў дапамогу і лясгас, – расказвае В. М. Саковіч. – Так што трывогі няма. Хаця ўсе 900 кубоў да пачатку сезона мы не прывязём. Зімой будзем падвозіць…”
Начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі А. Ф. Мацвяйчук паклаўся на дапамогу КБА і прадпрымальнікаў. Акрамя дроў, у аддзел кожны год закупляюць да 100 тон торфабрыкету. Не таму, што прасцей з ім – проста ў кацельнях без яго не абысціся. Як вось, напрыклад, у Язвінскім СК, тут, дарэчы, мяняюць кацёл. Рахунак на 30 мільёнаў рублёў паступіў у казначэйства. За апошнія тры гады былі заменены катлы ў Мішкавіцкім СК, у Обальскім філіяле школы мастацтваў, у іншых аб’ектах культуры.
Так што кіраўнікі бюджэтных арганізацый, як кажуць, круцяцца. Не чакае манны нябеснай і прыватны гаспадар. Калі, вядома, ён дбайны гаспадар і рупіцца пра тое, каб зімой не замерзнуць. Як прызнаўся дырэктар райпаліўзбыту У. М. Кійко, за апошні год ўдалося трохі паламаць псіхалогію спажыўца, які раней адцягваў выпіску дроў на глыбокую восень. Праўда, сёння ўтварылася чарга (чалавек 150, на тры месяцы работы), і прычына ў адсутнасці рытмічнай пастаўкі дроў з лясгасу. Там закрываюць свой план па пастаўках дроў у апошнія дні месяца. Як вось у ліпені, калі за тры апошнія рабочыя дні завезлі на эстакаду паліўзбыту звыш 200 “кубоў”.
– Такая тактыка нас не можа задаволіць, – прызнаецца У. М. Кійко. – Лясгас план па дрывах закрывае, а калі ж закрываць яго нам? Ды і спажыўцы нервуюцца, абрываюць тэлефоны.
– Уся справа ў аплаце за паслугі, – парыруе дырэктар Шумілінскага лясгасу І. Я. Папок. – Як разлічваецца райпаліўзбыт, так мы і завозім.
Доўг жа ў раўпаліўзбыта перад лясгасам за прывезеныя раней дровы нязначны – 10,6 мільёна рублёў. Вядома, фінансавыя магчымасці прадпрыемства не дазваляюць разлічвацца за пастаўкі адразу ж, хаця і з райфінаддзелам у прадпрыемства зараз поўнае разуменне. А планы па вывазцы дроў на пляцоўку райпаліўзбыту лясгас выканаў і за шэсць месяцаў, і за сем. З пачатку года рэалізавана насельніцтву на 480 куб. м больш, чым за аналагічны перыяд 2012 года. Заказваюць нават людзі з-пад Дзвіны, за 30-35 кіламетраў, і толькі за прывозку чалавеку трэба заплаціць шалёныя грошы (з разліку 22 тысячы рублёў з кіламетра). Магчыма, столькі ж, як і каштуюць самі дровы. Але знаходзяцца такія смельчакі. У. М. Кійко размаўляў з імі. Аказваецца, раней ім нарыхтоўвалі дровы дзеці, зараз дзецям няма часу, яны лепш дадуць бацькам 1,5 мільёна, каб тыя заказалі ў райпаліўзбыце. Праўда, ёсць яшчэ адзін канал паставак – прыватнік. Кажуць, прычэп папілаваных на цуркі дроў прывозяць за 900 тысяч (у райпаліўзбыце ў межах Шуміліна – 700- 800 тысяч).
Ёсць яшчэ адзін нюанс ва ўзаемаадносінах пастаўшчыка і заказчыка: пастаўшчык пачаў завозіць нестандартныя дровы. Як вось у канцы ліпеня, калі дровы прывезлі 4-мятровыя. Па стандарту ж трэба 2-мятровыя. Каб пагрузіць такое доўгае бервяно, патрэбны маніпулятар, а яго ў райпаліўзбыце няма. Ды і распілоўваць такія бярвёны – шмат марокі, лічыць У. М. Кійко. Зараз на прадпрыемстве два пільшчыкі, яны на здзельнай аплаце працы.
– Хто захоча працаваць з бензапілой за капейкі? – разважае дырэктар. – І калі на пляцоўцы гола, не скажаш ім, каб бралі водпуск на свой кошт. Чалавек ідзе да нас, каб зарабіць…
Пераводзім гаворку з У. М. Кійко на тое, як з пастаўкамі дроў у суседніх раёнах.
– Так, як і ў нас, – адказвае ён. – За выключэннем таго, што там дапамагаюць з пастаўкамі праз аб’яднанне “Віцебсклес”. Спрабавалі і мы завозіць з Гарадка, але гэта не пад рукой, дастаўка кладзецца цяжарам на наш бюджэт…
Словам, у такой справе, як нарыхтоўка і дастаўка дроў спажыўцу, не бывае без сучка і задзірынкі. Лясгас цяжкасці тлумачыць тым, што вывазка дроў для іх – справа стратная, хаця і нарыхтаваны, ляжаць у лесе нявывезенымі 7 тысяч “кубоў”. У райпаліўзбыце свае планы, і яны маюць рацыю. Але галоўнае ўсё ж звяно – спажывец, дзеля якога і нарыхтоўваюцца ў лесе (вядома, не для таго ж, каб гнілі?!) і завозяцца дровы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №61 ад 06.08.2013 г.