Жыць у згодзе з суседам
Усё часцей у райвыканкам паступаюць вось такія звароты: “Маю жылы дом з прысядзібным участкам. На мяжы нашых участкаў сусед выкапаў канаву, пасадзіў пладовыя дрэвы, ягадныя кусты”; “На мяжы нараўне з агароджай складзены дровы, тут жа знаходзяцца і такія пабудовы як туалет, прыбудова для захоўвання дроў. Яе дах звісае на мой участак, і ў заліўныя дажджы вада змывае агародніну”; “Суседняя агароджа зацяняе мае пасадкі” і г. Д.”
Суседзяў, як кажуць, не выбіраюць, але жыць з імі прыходзіцца доўга. І мяркуючы па зваротах, не ва ўсіх гэта добра атрымліваецца.
На сённяшні дзень правілы размяшчэння пабудоў, а таксама пасадак розных раслін на прысядзібным участку рэгулюе Тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі “Градабудаўніцтва. Раёны прысядзібнага жыллёвага будаўніцтва. Нормы планіроўкі і забудовы”.
Ад мяжы суседняга (сумежнага) ўчастка гаспадарчыя пабудовы, а таксама альтанкі (вышынёй больш за 3 м) трэба размяшчаць на адлегласці не менш 1 м, вальеры з хатняй жывёлай – не менш 4 м, асобны жылы дом і сажалку – не менш 3 м, зялёныя насаджэнні: высокарослыя пладовыя дрэвы (яблыня, груша, чарэшня і т. п.) – не менш 3 м; сярэднярослыя пладовыя дрэвы (вішня, сліва, алыча, абляпіха, каліна і т. п.), а таксама карлікавыя пладовыя і дэкаратыўныя дрэвы – не менш 2 м; ягадныя (чорныя парэчкі, агрэст, маліна, вінаград і т. п.) і дэкаратыўныя кусты – не менш 1 м.
Памер разрыву ад фундаментаў агароджы самацёчнай (бытавой і дажджавой) каналізацыі павінен быць не менш 1,5 м, ад фундаментаў пабудоў і збудаванняў – не менш 3 м.
У той жа час па ўзаемнай згодзе домаўладальнікаў суседніх (сумежных) участкаў, якія аформлены ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, дазваляецца:
– высаджваць дрэвы і кусты на меншай адлегласці ад мяжы ўчастка пры ўмове, што яны будуць знаходзіцца ад суседняга ўчастка з паўночнага, паўночна-заходняга або паўночна-ўсходняга боку. Па ўзаемнай дагаворанасці можна будаваць жывую загарадзь па ўстаноўленай мяжы, якая раздзяляе ўчасткі дэкаратыўнымі зялёнымі насаджэннямі і ягаднымі кустамі.
Што тычыцца агароджаў, да іх прад’яўляюцца наступныя патрабаванні:
– з боку вуліцы або праезду вышыня агароджы не павінна перавышаць 2 м са ступенню святлопразрыстасці ад 50 да 100% па ўсёй вышыні. Устройства, якое дубліруе агароджу на адлегласці 1 м і менш ад устаноўленай мяжы з сумежным зямельным участкам, не дазваляецца, калі няма дамоўленасці з суседам.
Абавязкі землекарыстальнікаў (арт. 70 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі) – не парушаць правы іншых землекарыстальнікаў. Добрасуседскія адносіны паміж ўласнікамі суседніх зямельных участкаў павінны разглядацца ў якасці абавязкаў кожнага з бакоў.
З. АЛЮЛІНА, начальнік землеўпарадкавальнай службы Шумілінскага райвыканкама.
Чтобы жить в согласии с соседом
