У галодным плачы заходзілася дзіця…
У раённую бальніцу прывезлі дзіця. Прывезлі не таму, што хворае, а таму што маці забылася на дзіця і са сваім сужыцелем шукала радасці жыцця на дне чаркі. Ці знайшла?
Па ўсяму відаць, яна не адчувае той адказнасці, якую нясуць бацькі за ўласных дзяцей. У адваротным выпадку ці паехала б яна з маленькай дачкой з Віцебскага раёна да п’яніцы-сужыцеля ў Шуміліна? Тут і сама стала (магчыма і была) такой жа. Дзень пачынаўся і заканчваўся бутэлькай.
І ў адзін з дзён у дзяжурнай часці РАУС раздаўся трывожны званок: “За сцяной невыносны плач дзіцяці ўжо другі дзень. Прыязджайце, магчыма, нешта здарылася, ” – паведамілі ў міліцыю суседзі.
І не памыліліся. Калі бацькі п’яныя – гэта цэлая трагедыя для дзяцей. Міліцыянеры, што зайшлі ў кватэру (дзверы адчыніў пажылы гаспадар), убачылі, што маладая маці з сужыцелем спяць на голай падлозе. Відаць, і да ложка не змаглі дайсці. Побач поўзала дзяўчынка. Тварык быў мурзаты, вочкі – заплаканыя. Нават супрацоўнікам раённага аддзела ўнутраных спраў, якія нямала бачылі негатыву, жудасна было глядзець на гэтую карціну, да якой ступені трэба апусціцца, каб прапіць сваё сумленне, мацярынскую пяшчоту і ўвогуле чалавечнасць?
Дзяўчынку забралі ў дзіцячае аддзяленне райбальніцы. Тут сустрэлі больш клапатлівыя людзі, чым родная мамка – вымылі, пераапранулі, а галоўнае – накармілі. Па словах інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх А. М. Селязнёвай, з гэтай сям’і забіраюць дзяўчынку ў другі раз за апошнія два месяцы. Прычына адна – п’янства дарослых.
…У раённую бальніцу прывезлі дзіця. На гэты раз з Обалі. І зноў жа, таму, што гэтая мамка прапівае сваё мацярынства.
“Такія выпадкі, калі раённая бальніца становіцца адзіным ратункам для дзіцяці, здараюцца ўсё часцей, – кажа раённы педыятр Л. В. Суханава. – У гэтым годзе, напрыклад, у райбальніцы пабывалі 22 дзіцяці па той прычыне, што яны знахо-дзіліся без бацькоўскага нагляду. У нас дзеці знаходзяцца да месяца, а потым яны вяртаюцца да бацькоў, калі тыя адумаліся, закадзіраваліся, калі ёсць у кватэры прыдатныя ўмовы для пражывання. У адваротным выпадку дзяцей пры жывых бацьках адпраўляюць у Дом дзіцяці”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №57 ад 23.07.2013 г.