“А мы будзем ахоўваць ваш спакой”
Кожнаму з нас хочацца жыць спакойна, каб не страшна было за сябе і за сваю сям’ю, за свой дом, каб міліцыя надзейна стаяла на варце парадку. І супрацоўнікі РАУС многае робяць у гэтым накірунку.
Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што сітуацыя ў раёне кантралюецца. У нас няма ўзброеных сутычак, бандыцкіх нападзенняў. У гэтым плане раён спакойны. За студзень-май у параўнанні з 2012 годам на Шуміліншчыне не дапушчаны рост злачынстваў. На 15,7% знізіўся ўзровень злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку. Знізілася і колькасць крадзяжоў: летась за студзень-май іх было 72, а сёлета 54. У гэтым годзе не зарэгістраваны крадзяжы з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу. На 1% павялічылася і раскрываемасць крадзяжоў. За гэтай сціплай лічбай – знойдзеныя грошы, тэлефоны, іншая маёмасць грамадзян.
Усяго ў гэтым годзе зарэгістравана 118 злачынстваў, 54 з іх – крадзяжы. Як паказвае аналіз, большая частка крадзяжоў адбываецца пасля сумеснага распіцця пацярпелага з вінаватым спіртных напіткаў. Вядома, большасць крадзяжоў раскрываецца, але ж вярнуць маёмасць часам немагчыма, бывае, што па іскавай заяве вінаватыя кампенсуюць нанесены ўрон некалькі гадоў.
У некаторых выпадках жыхары раёна самі могуць папярэдзіць крадзяжы. Напрыклад, у адзін з чэрвеньскіх тыдняў былі зарэгістраваны чатыры крадзяжы, тры з іх – крадзяжы веласіпедаў. Яны былі пакінуты без нагляду каля магазінаў, у пад’ездах ці проста ў двары. Такая ж сітуацыя і з незамкнёнымі гаспадарчымі пабудовамі і нават дамамі. Усё ж хацелася б, каб нашы людзі не былі такімі даверлівымі. І тады менш трэба было б займаць міліцыю гэтымі дробнымі справамі, а скіраваць усе сілы на барацьбу з цяжкімі злачынствамі.
Цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў сёлета зарэгістравана 13, а за адпаведны перыяд мінулага года – 6. Калі ў мінулым годзе не было забойстваў, то сёлета іх у раёне два. Прычым адно з іх – забойства пенсіянеркі з вёскі Бараноўскія – яшчэ не раскрыта. Зарэгістравана адно хуліганства, якое адносіцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў, два ўгоны аўтатранспарту, адно цяжкае злачынства эканамічнага накірунку. Вось і атрымалася, што ў нас цяжкіх злачынстваў ў два рызы больш, чым летась. Многа працуем у гэтым накірунку, распрацаваны план прафілактычных мерапрыемстваў.
Застаецца праблемай падлеткавая злачыннасць. За пяць месяцаў мінулага года падлеткамі было здзейснена два злачынствы. А ў гэтым годзе на ўліку ўжо шэсць злачынстваў. Хаця злачынствы ставяцца на ўлік не тады, калі здзяйсняюцца, а калі яны разгледжаны ў судзе. Таму пяць злачынстваў – гэта мінулагоднія. Але атрымліваецца, што з пункту гледжання статыстыкі рост падлеткавай злачыннасці вырас у тры разы.
Дваіх падлеткаў, якія, шчыра кажучы, выйшлі з-пад кантролю, злоўжывалі спіртнымі напіткамі, мы вымушаны былі накіраваць у лячэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу, што ў Магілёўскай вобласці.
І апошняе. Пра трагедыі на дарогах. Калі за мінулы год на дарогах раёна загінулі пяць чалавек, то сёлета ў маі адна страшная аварыя ўнесла жыцці адразу чатырох чалавек. Літаральна дні праз тры пад колы аўтамабіля трапіў веласіпедыст. Усяго за студзень-май на дарогах раёна загінулі шэсць чалавек.
На дарогах раёна пастаянна дзяжураць супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы. За студзень-май зарэгістравана 1900 парушэнняў Правілаў дарожнага руху. У гэтым годзе выяўлены 683 парушэнні хуткаснага рэжыму.
І ў далейшым мы плануем праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы рознага накірунку, рэйды, кантраляваць асоб, якія аднойчы здзяйснялі злачынства. Хочацца, каб жыхары раёна ішлі нам насустрач, не адмаўлялі ў дапамозе. А мы будзем ахоўваць ваш спакой.
В. МЯДЗВЕЦКІ, начальнік РАУС.
Надрукавана ў №51 ад 02.07.2013 г.
В. В. Медвецкий, начальник РОВД: «Мы будем охранять ваш покой…»
