Семинар идеологов Шумилинского района прошёл на базе РПУ «Шумилинорайгаз»

Актуалии Общество

Цікава, карысна, насычана
Змястоўным, багатым на інфармацыю, у тым ліку і практычнага парадку, быў семінар ідэалагічнага актыву раёна, які прайшоў на базе РВУ “Шумілінарайгаз”.
Адкрыў і вёў заняткі  намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Анатоль Мікалаевіч ва ўступным слове засяродзіў увагу прысутных  на цэлым шэрагу падзей і святаў, якія “сустракаюцца” ў раёне ў чэрвені. Тут і гарачая сенакосная пара, і падрыхтоўка святкаванняў з нагоды Дня Рэспублікі, дня вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і падпісная кампанія на газеты і часопісы, і аздараўленне дзяцей у лагерах адпачынку, і многае іншае, што патрабуе да сябе пільнай увагі і актыўнасці арганізатараў. І ў першую, напэўна, чаргу людзей, якія ў адказе за ідэалагічную работу ў калектывах.
З газавай службай раёна азнаёміў прысутных дырэктар РВУ “Шумілінарайгаз” С. А. Дзмітрыенка. Сяргей Аляксандравіч  даў характарыстыку прадпрыемству, зазірнуў у гісторыю нараджэння арганізацыі. Адзначыў, што пачатак прадпрыемству паклаў участак звадкаванага газу, створаны ў Шуміліне ў 1967 годзе, і працавала тады на ўчастку ўсяго 7 чалавек. Зараз у “Шумілінерайгазе” 113 чалавек. Кваліфікаваныя, дасведчаныя  людзі, якім пад сілу самыя напружаныя задачы. Сёлета газавікі маюць на мэце пракласці 2,5 км газаправоду пры тым, што на балансе ўжо 150 км, газіфікаваць каля ста кватэр, развіваць базу дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Дружба”, што ў Амбросавічах (летась тут адпачыла 520 дзетак, з іх 22 – з Расіі, не меншы наплыў  чакаецца сёлета), не спыняцца на дасягнутым у арганізацыі гандлю і сервісу паслуг грамадскага харчавання.  Мяркуецца ў 2013 годзе падвоіць прыбытак ад дзейнасці, надаць новы больш запатрабаваны статус ДАЦ (намечана ў верасні атрымаць дазвол на многія паслугі адпачынку дарослых на базе цэнтра).
Пра паляпшэнне ўмоў працы і адпачынку работнікаў гаварыла на семінары   Г. М. Катлова, якая вядзе на прадпрыемстве ідэалагічную работу. Галіна Мікалаеўна спыніла ўвагу на захапленнях газавікоў (тут і харавое мастацтва, і ўдзел у конкурсах, у тым ліку па добраўпарадкаванні ў рамках аблгазу, на якіх шумілінцы займаюць першыя месцы), і па тых прывілеях у сацыяльным плане, якія маюць работнікі прадпрыемства. Расказала пра тое, як і дзе адпачываюць работнікі райгазу, як заахвочвае актыўнасць людзей адміністрацыя і прафкам.
Дыякан Вадзім вёў гаворку пра будаўніцтва храма ў Шуміліне. Пра рэспубліканскую “Народную газету” вялі гаворку, агітавалі за  яе паўнамоцныя прадстаўнікі з Мінска, а старшыня раённага савета ветэранаў К. Ф. Палоўнікава папрасіла ідэолагаў напярэдадні Дня Рэспублікі ўдзяліць кожнаму ветэрану вайны ўвагу, праявіць пра іх клопат, расказала аб правядзенні конкурсу  “Мая зямля – мой родны дом”. Пра арганізацыю святкаванняў  з нагоды  Дня Незалежнасці расказала  рэжысёр раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама І. А. Бондарава. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Л. В. Шаўцова спынілася на рабоце інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія наведаюць працоўныя калектывы.
Удзельнікі семінара  наведалі дзіцячы аздараўленчы цэнтр “Дружба”. Загадчыца цэнтра С. А. Вязіцкая правяла гасцей па гожай тэрыторыі  месца адпачынку дзяцей, сказала, што ў 2013-м спаўняецца 15 год з таго часу, як лагер трапіў пад эгіду аблгазу. За гэты час зроблена непараўнальна многа – і цікавага дзецям, і карыснага для іх, і зручнага для адпачынку. Тут шмат малых архітэктурных форм, сюды з многіх райгазаў вобласці звезлі захапляючыя вырабы, якія надаюць газонам базы адпачынку самавіты, прыцягальны  выгляд. Кіраўніцтва, рыхтуючыся да новага статусу цэнтра, вялікія сродкі адвяло на рамонт і паляпшэнне матэрыяльнай-тэхнічнай аснасткі “Дружбы”. Зараз прыстойна выглядаюць і спальныя нумары,  і летнікі, абсталяваны пляж, чакаюць дзяцей катамараны, іншых захапленні. Словам, адпачыць можна з карысцю і цікава.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *