Дэбашыры, алкаголікі, злодзеі
Штомесяц судом Шумілінскага раёна разглядаецца ў сярэднім больш чым 50 адміністрацыйных спраў. “Галоўныя героі” – сямейныя дэбашыры, аматары спіртнога, дробныя злодзеі. На адным з такіх судовых пасяджэнняў прысутнічаў і карэспандэнт раённай газеты. Супрацоўнікамі РАУС на суд былі дастаўлены чатыры парушальнікі – трое мужчын і адна жанчына.
Сямейны дэбашыр. Грамадзянін К. за апошні год трапіў у суд сёмы (!) раз. Міліцыю выклікае яго 97-гадовая маці. К. нідзе не працуе, хаця на кожным пасяджэнні суда заяўляе, што зусім нядаўна кудысьці ўладкаваўся. Жыве за кошт сваёй маці, якой п’яны не дае жыцця. Відаць, у бліжэйшы час прыйдзецца яму збірацца ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Пра гэта нагадала мужчыну суддзя Алена Сініцкая.
Аматары пабадзяцца п’янымі па грамадскіх месцах. Такіх на гэты раз аказалася двое – віцяблянка А. і жыхар нашага раёна С. Віцяблянка на выхадныя прыехала ў Шуміліна. Чаму і навошта прыехала, растлумачыць суду не змагла. Увечары нецвярозая бадзялася на вакзале, за што і была затрымана супрацоўнікамі РАУС. Дарэчы, у суд па адміністрацыйных справах А. трапляе не першы раз: суд Віцебскага раёна раней штрафаваў яе на 200 і 300 тысяч рублёў.
Не першы раз у судзе і грамадзянін С. (так, толькі ў кастрычніку мінулага года было аж тры візіты). Яго затрымалі супрацоўнікі РАУС у 7.30 ля крамы “Смак”, дзе піў піва.
Дробны злодзей. Грамадзянін Р. працаваць не любіць, а паесці любіць! Вось і ідзе за прадуктамі харчавання ў краму, праўда, без грошай. Вось падчас апошняга візіту ў магазін “Цэнтральны” Р. засунуў пад кашулю пару пачак кавы, дзве банкі кансерваў, грэчку. Праўда, вынесці не змог – затрымалі прадаўцы, якія і выклікалі міліцыю.
Усім правапарушальнікам суддзя Алена Сініцкая прысудзіла “суткі” — ад трох да дзесяці.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №47 ад 18.06.2013 г.