Абнаўленне – як ключ да поспеху
У актавай зале раённай ветэрынарнай станцыі адбылася сустрэча калектыву лячэбна-прафілактычнай установы з інфармацыйна-прапагандысцкай групай райвыканкама, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
З інфармацыяй аб ключавых аспектах штогадовага паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь “Абнаўленне краіны – шлях да поспеху і працвітання” перад прысутнымі выступіў намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама В. М. Саковіч. Выступоўца спыніўся на трох асноўных нацыянальных праектах, якія дазволяць абнавіць дзяржаву і рашыць ключавыя задачы эканомікі краіны. Увага была засяроджана на мадэрнізацыі эканомікі, на інфарматызацыі грамадства, на падтрымцы моладзі і яе маштабнаму падключэнню да дзяржаўнага будаўніцтва. В. М. Саковіч акцэнт зрабіў на прыклады мясцовага маштабу.
Дапоўніла выступленне дакладчыка І. М. Новікава. Ірына Мікалаеўна расказала аб поспехах, якіх дасягнулі ў раёне прадпрыемствы, але асаблівую ўвагу сканцэнтравала ўсё ж на праблемах і недапрацоўках у рабоце. Асабліва трывожна з рэалізацыяй малака з грамадскага сектара жывёлагадоўлі (72,6% да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года, а гэта страты 24 тоны малака штодня). Трэба сказаць, па гэтым артыкуле даходаў недаатрымана па раёне 6 мільярдаў рублёў. З 2014 года, як патрабуе кіраўнік краіны, усе малочныя гурты будуць утрымлівацца кругласутачна ў памяшканнях, без выпасу на пашы. У сельскай гаспадарцы крайне цяжкое фінансавае становішча, у выніку дапускаюцца недаплаты падаходнага падатку, адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны. Вялася размова пра будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу (на яго мадэрнізацыю пойдзе 11 мільярдаў рублёў), пра школу мастацтваў – самы, бадай, гожы будынак падобнага тыпу ў вобласці, пра рамонт бальніцы, будаўніцтва царквы і працяг рамонтных работ будынка СШ № 1, а таксама пра будучае раённай гімназіі, якая патрабуе да сябе і ўвагі, і немалых матэрыяльных выдаткаў.
З залы паступіла некалькі пытанняў, на якія адказы даваў намеснік дырэктара УП ЖКГ У. П. Воранаў, а таксама І. М. Новікава, В. М. Саковіч. Пытанні датычыліся кантэйнераў для бытавога смецця, дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне, рамонту будынка СШ № 2 г. п. Шуміліна.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №38 ад 18.05.2013 г.