Криминал. Происшествия

Происшествия

Дача
Жыхар Полацка працяглы час не быў на сваёй дачы ў в. Абалянка. Таму дакладна не змог указаць час, калі дачу абрабавалі. Укралі посуд і асабістыя рэчы гаспадара. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Абавязаныя

Жыхар Шуміліна згодна з рашэннем суда Салігорскага раёна быў абавязаны выплачваць 25% з усіх даходаў сваёй былой жонцы на ўтрыманне непаўналетняй дачкі. Спачатку мужчына так і рабіў. Але апошні год ён практычна не працаваў, таму доўг па аліментах вырас да пяці мільёнаў рублёў. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа.
Як, дарэчы, і супраць жыхаркі з райцэнтра. Жанчына павінна была выплачваць аліменты свайму былому мужу на ўтрыманне непаўналетняга сына. Але жанчына нідзе не працавала, а даўгі раслі….
Пажар у Латкове
У дыспетчарскую раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што ў Латкове гарыць жылы дом. Агонь утаймавалі. Але знутры дом поўнасцю выгарэў, знішчаны столь і дах. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Пазбавіўся правоў
Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі ў в. Мішкавічы  прыпынілі механізатара СФГ “Раднік”, які ехаў на МТЗ у стане алкагольнага ап’янення. Складзены адміністрацыйны пратакол. Механізатару пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады і штраф памерам у 30 мільёнаў рублёў.
Гора-вадзіцелі
Вадзіцель адной з арганізацый райцэнтра вырашыў пакатацца на службовым аўтамабілі. Будучы ў стане алкагольнага ап’янення сеў за руль аўто і адправіўся апоўначы шукаць прыгод. І знайшоў. Руль аўтамабіля даверыў свайму сябру, таксама нецвярозаму.
Да таго ж, той не меў вадзіцельскіх правоў. Гора-вадзіцель не справіўся з кіраваннем, наехаў на апору лініі электраперадач. Аўтамабіль значна пашкоджаны. На абодвух мужчын складзены адміністрацыйныя пратаколы.
Не размінуліся
Жыхар Расійскай Федэрацыі, які ехаў на аўтамабілі “Нісан-Прэм’ера” па аўтадарозе Віцебск-Полацк, пры павароце налева не ўпэўніўся ў бяспецы манеўра і сутыкнуўся з аўтамабілем “Шкода-Актавія”, які рухаўся ў спадарожным накірунку. Абодва аўтамабілі пашкоджаны. На расіяніна
складзены адміністрацыйны пратакол, яму пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
Без тэхагляду
На аўтадарозе Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі вадзіцеля з Бешанковіцкага раёна ў нецвярозым стане.
Да таго ж, у машыны не пройдзены тэхагляд, не было дагавору абавязковага страхавання аўто. На вадзіцеля складзены тры адміністрацыйныя пратаколы, якія накіраваны для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №37 ад 16.05.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *