Встреча с поэтом Борисом Бележенко прошла в центральной библиотеке г.п. Шумилино

Актуалии Культура

Для шчасця шчодрая душа
Раённая бібліятэка зрабіла сапраўдны падарунак аматарам паэзіі: арганізавала творчую сустрэчу з віцебскім паэтам, аўтарам некалькіх зборнікаў вершаў, членам грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, лаўрэатам прэміі Уладзіміра Караткевіча Барысам Беляжэнкам.
Барыс Беляжэнка адразу задаў тон творчай імпрэзе: прачытаў верш, які з лёгкасцю можна назваць творчым крэдам паэта. Лірычны герой – спакойны і разважлівы, задуменны і цікаўны, рамантычны і крыху іранічны, а месцамі  і крытычны.  А вось у вершы “Борись, Борис, не бойся” паэт у гумарыстычнай форме расказвае як бацькі абіралі яму імя, але і  ў гэтым сатырычным  творы ёсць вялікі падтэкст – жыць па сумленні, па шчырасці. Такі ўжо Барыс Беляжэнка, шчыры і сумленны, і гэта, на яго думку, адны з самых галоўных якасцяў  чалавека.
Барыс Паўлавіч сваімі вершамі адразу ўзяў у палон слухачоў, якіх багата сабралася ў чытальнай зале. Кожны новы верш (паэт чытаў свае творы розных часоў) адкрываў новы вобраз, новае ўсведамленне звыклых для кожнага з’яў і падзей. Што-што, а са слухачамі Барыс Беляжэнка адразу знаходзіць узаемапаразуменне. Гэта і добра падабраныя для чытання вершы, і прыроджаны талент паэта і аратара. Паэта Беляжэнку хочацца слухаць яшчэ і яшчэ… Кожнае імгненне з паэтам нясе новыя адкрыцці. Кожны верш  знаходзіць водгук у душы і сэрцы слухачоў, аўтар чытае творы як на беларускай, так і на рускай мове. “Нам надакучыла гэта зіма”, “Для шчасця шчодрая душа”, “Кола дзён мінае”… Беляжэнка дорыць сапраўдны калейдаскоп вершаў, розных па тэматыцы і рытміцы. І ў кожным паўстаюць свае вобразы і краявіды.
Цудоўна адчуваючы настрой слухачоў, Барыс Паўлавіч робіць непаэтычныя  адступленні. Расказвае пра сябе (дарэчы, падчас сустрэчы высветлілася, што  Б. П. Беляжэнка пачынаў свой працоўны шлях на Шуміліншчыне, у Навікоўскай школе працаваў піянерважатым), у няўрымслівай форме падае пэўныя цікавыя біяграфічныя звесткі (так, напрыклад, пра тое, як вучыўся ў адукацыйным цэнтры Джуны, пасля заканчэння якога стаў экстрасэнсам, складваў гараскопы для віцебскіх газет).
Прыехаў Барыс Беляжэнка на творчую імпрэзу не адзін, а са сваёй жонкай Л. П. Забаўленка.  Ларыса Пятроўна – паэтка, большасць вершаў прысвяціла роднаму Суражу. Яна таксама пазнаёміла прысутных са сваімі вершамі.
Вершы Барыса Беляжэнкі  мілагучныя. Многія  пакладзены на музыку, вядома яго  песня “Обаль-рэчка”. А шумілінскі кампазітар Анатоль Міхееў напісаў музыку да чатырох вершаў Барыса Беляжэнкі. На вечарыне прагучалі гэтыя песні “Раманс”, “Анёл Белай Русі”, “Зайграй, гармонік” і “Купальскія вянкі”.
Барыс Беляжэнка  любіць пісаць і гумарыстычныя творы. Ён часта друкуецца на старонках часопіса “Вожык”. І апошняя частка сустрэчы складалася выключна з гумарыстычных твораў. Слухачы атрымалі зарад годнай і прыстойнай сатыры. Паэт “прайшоўся” сатырычным катком па гламурных спеваках, шкодных харчовых дабаўках, бюракратах і невуках. Зрабіў гэта так трапна, што некаторыя смяяліся літаральна да слёз.
І апошняя. Зараз Барыс Беляжэнка працуе над аповесцю “Таямніцы Цяпінскага ўзгорку”, рыхтуе выдаць яе асобнай кнігай (дарэчы, з ёю можна пазнаёміцца ў часопісе “Нёман”). І шумілінскія аматары літаратуры шчыра  жадаюць яму поспехаў і чакаюць новых сустрэч з пісьменнікам Беляжэнка.
Алесь САКАЛОЎ.
Барыс Беляжэнка:
Лянота
Ой, Лянота ты, Лянота!
І з якога ж ты балота?
І санлівая, і злая,
і сляпая, і глухая.
Ўстаць бы разам з жаўрукамі-
кратаць сонейка рукамі!
Доўжыш сонныя гадзіны…
Ледзь прачнуўся – к магазіну!
А ў той краме: “Ла-ла-ла!”-
мыюць костачкі сяла:
што ў Антося, што ў Мікіты,
хто кім біты, хто з кім квіты…
А наўкол вясна гуляе,
па рацэ плыты куляе,
падплыве —  заліць гатова
усю сядзібу напалову.
Пракапала б ты канаву,
ды сядзіш — не зрушыць з лавы!
Вось  Ляноціна якая!
Ні канца ў яе, ні краю…
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *