Новости из Башнёвской СШ Шумилинского района. Изучаем чайный гриб. Экскурсия в Витебск

Новости Образование

І ў боўлінгу пагулялі, і ў басейне паплавалі
У нашай школе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Спадчына”. Мы праводзім шмат гульняў, конкурсаў, віктарын, паходаў, сустрэч. Асабліва падабаюцца нам паездкі.
А нядаўна мы ездзілі на экскурсію ў Віцебск. Мы наведалі абласны Палац дзяцей і моладзі. Вельмі спадабалася выстава тэхнічнай творчасці: папяровыя палацы, машыны, караблі, ракеты.
Затым мы адправіліся гуляць у боўлінг. Было вельмі цікава, некаторым нават шанцавала збіваць адразу ўсе кеглі. Не менш спадабалася і трэнажорная зала, дзе мы паспрабавалі бегавую дарожку і веласіпед. А хлопцы нават і штангу падымалі!
А басейн для нас быў увогуле вялікай марай. Гэта так здорава – купацца, калі за акном яшчэ ляжыць снег.
Начавалі мы на турбазе. А на наступны дзень  наведалі ў Палацы дзяцей і моладзі выставу вырабаў з прыроднага матэрыялу. Дзяўчатам прыйшліся даспадобы лялькі, якім змайстравалі ўборы гарадскія дзеці, што наведваюць розныя гурткі, прыдумалі розныя нарады з саломы, кары, засушаных кветак. У “жывым кутку” абласнога Палаца дзяцей і моладзі мы слухалі спевы папугаяў, канарэек, фатаграфаваліся з чарапахай, убачылі нават мадагаскарскіх тараканаў.
Экскурсія нам вельмі спадабалася. І мы ўдзячны яе арганізатару – нашай настаўніцы і кіраўніку аб’яднання па інтарэсах “Спадчына” М. Я. Аляксеенка.
Е. КЛЯМПАЧ, вучаніца 7 класа Башнеўскай школы.

Для таго, каб амаладзіцца, трэба кожны дзень ужываць…
З 8-га класа я займаюся даследчай дзейнасцю. У гэтым годзе мая работа прысвечана даследаванню асаблівасцяў чайнага грыба, якое мы праводзім разам з настаўніцай хіміі К. А. Трус.
Зараз людзі ўмацоўваюць свой імунітэт усялякімі біялагічнымі дабаўкамі і таблеткамі, забываючы пра народныя рэцэпты. Для падтрымання функцыянавання арганізма можна ўжываць даступны ўсім напітак – чайны грыб. Я б хацела звярнуць вашу ўвагу на спектр уплыву гэтага прадукту на арганізм чалавека. Чайны грыб паляпшае дзейнасць страўнікава-кішачнага тракту, аднаўляе мікрафлору кішэчніка, нармалізуе кіслотнасць страўніка, падаўляе гніласную мікрафлору і самае галоўнае – аказвае амаладжальнае і аздараўленчае дзеянне на ўвесь арганізм у цэлым. Але людзям з павышанай кіслотнасцю і цукровым дыябетам варта ўстрымацца ад ужывання напітку. Важна ведаць таксама, што чайны грыб можа выклікаць парушэнне стрававання і алергічныя рэакцыі ў адчувальных лю-дзей.
На жаль, сёння чайны грыб не знаходзіць вартага прымянення. Як паказала праведзенае мною апытанне, адной з асноўных прычын з’яўляецца тое, што многія проста не ведаюць, як правільна гатаваць і ўжываць напітак. А для прыгатавання яго неабходны сам чайны грыб (закваска), прыкладна 5 сталовых лыжак цукру, 2 чайныя лыжкі чорнага ці зялёнага чаю на літр вады. Заварваем чай на працягу 15-ці хвілін і даем астыць (сачыце, каб не трапляліся кавалачкі заваркі, а цукар растварыўся поўнасцю). Кла-дзем грыб у трохлітровы  слоік з чаем, закрываем марляй ці папяровай сурвэткай і замацоўваем тасьмой ці рызінкай (грыб павінен дыхаць). Ідэальная тэмпература – 25 0С. Пасля 4-10 дзён настойвання чайны грыб гатовы для ўжывання. Чым вышэй тэмпература ў пакоі, тым хутчэй напітак будзе гатовы. Калі неабходная вам кіслотнасць будзе дасягнутая, выньце грыб чыстымі рукамі, прамыйце пад струменем халоднай праточнай вады і апусціце ў загадзя падрыхтаваны па той жа схеме слоік з халодным салодкім чаем. Для таго, каб атрымаць максімальнае  задавальненне ад напітку, пераліце яго ў шкляную тару са шчыльнай накрыўкай і дайце даспець яшчэ некалькі дзён у прахалодным месцы. Бактэрыі без доступу паветра перастаюць функцыянаваць, а дрожджы  працягваюць працаваць. Калі тара шчыльна закрытая, газ, які ўзнікае ў выніку дзейнасці дражджэй, не зможа выйсці, і вы атрымаеце выдатны шыпучы напітак. Перад ужываннем напітак варта працадзіць праз марлю ці неметалічнае сіта.
Піце настой чайнага грыба і будзьце здаровыя.
Анастасія ШАПАВАЛАВА, вучаніца 11 класа Башнёўскай СШ.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *