Канцэрт – у падарунак
Напярэдадні жаночага свята 8 Сакавіка работнікі аўтаклуба аддзела культуры сумесна з работнікамі раённай бібліятэкі падрыхтавалі канцэрт для жыхароў в. Сянькова.
Каб падзяліцца ўражаннямі ад святочнага канцэрта, у рэдакцыю патэлефанавала старэйшына вёскі Сянькова Е. С. Лявонава. Ефрасіння Сысоеўна расказала, што ўсіх аднавяскоўцаў сабрала ў сваёй хаце. “Усе змясціліся, іх жа нямнога. У асноўным у нашай вёсцы жывуць пажылыя людзі, у райцэнтр мы выбіраемся рэдка, канцэрты глядзім толькі па тэлевізары, – кажа старэйшына. – Таму музычны падарунак для нас стаў сапраўдным святам. Канцэрт быў выдатны. Вялікі дзякуй гарманісту Алегу Ткачову, самадзейным артыстам Вользе Мікітаўне Гаўрылкінай, Еўдакіі Іванаўне Васільевай і ўсім тым, хто ў гэты дзень нас забаўляў вясёлымі песнямі і прыпеўкамі”.
Жыхары в. Сянькова падпявалі артыстам з райцэнтра, заказвалі ім любімыя песні. На нейкі час вяскоўцы перанесліся ў гады маладосці, згадалі былое. І ад гэтага на душы ў кожнага было задавальненне.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №22 ад 19.03.2013 г.
Автоклуб приехал в деревню
