Животноводство: плюсы и минусы воспроизводства стада

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Слабае звяно” ці Пра тых, хто застаўся ў мінусе
На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое было прысвечана пытанням развіцця жывёлагадоўлі,  дырэктар РУП “Шумілінская райплемстанцыя” А. А. Казьмін адзначыў, што па выніках работы за мінулы год у раёне атрымана 8586 жывых цялят, што вышэй узроўню 2011 года на 139 галоў.  Гэта вынік работы ўсяго калектыву райплемстанцыі, ветурачоў і заатэхнікаў раёна. Але разам з тым нельга скідваць з рахункаў і тыя недапрацоўкі, тыя мінусы, якія тармозяць справу.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра выхад цялят на сто кароў, які за мінулы год склаў усяго 70 галоў (мінус восем да ўзроўню 2011 года). І на пачатак студзеня гэтага года колькасць цялушак да наяўнасці кароў па раёне склала 132%. “Гэта нядрэнна, для ўзнаўлення статку трэба мець колькасць цялушак не менш як 120 галоў на сто кароў”, – тлумачыць першы намеснік начальніка райсельгасхарчу А. А. Кузняцоў. Але гэта лічба была б  лепшай, калі б не мінусавалі  КУСГП “Сіроцінскі” і “Ульскі”. Гэта яны ў канцы раённай зводкі па ўзнаўленні статку за мінулы год, гэта  яны не дацягнулі нават і да ста працэнтаў  прыплоду цялушак да колькасці кароў.  Так, у “Сіроцінскім” забяспечанасць цялушкамі складае 75%, у “Ульскім” – 83%. У чым прычыны? І чаму не змаглі спрацаваць так, як, напрыклад, у “АграБаравінцы”, дзе забяспечанасць цялушкамі склала 169% ?
Паспрабуем разабрацца ў гэтых пытаннях. Вучоныя-прафесары, якія кожны год у нашым раёне праводзяць семінары  галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, сцвярджаюць: перш за ўсё трэба стварыць адпаведныя ўмовы ўтрымання і кармлення жывёлы, арганізаваць селекцыйную работу, прафілактыку і лячэнне захворванняў. А гэта якраз і з’яўляецца “слабым звяном” у большасці гаспадарак раёна. Возьмем, напрыклад, “Сіроцінскі”. Мінулагодняй зімой карэспандэнтам раённай газеты прыйшлося пабываць на ферме Падмішнеўе. На тых цялят, якія тады сталі тут, шчыра сказаць, шкада было глядзець.. Худыя, змораныя – бачна нават не спецыялісту. І пры гэтым у гаспадарцы не было бяскорміцы. Мясцовыя спецыялісты чэсна прызналіся, што справа не ў кармах, а ў чалавеку, у ягоных адносінах да работы. А калі жывёлу карміць несвоечасова ці пасля заробку ўвогуле забыцца прыйсці на работу, дык колькі прый-дзецца чакаць, каб цялушка дасягнула тых трохсот кілаграмаў, калі мэтазгодна праводзіць асемяненне?
Каб выратаваць цялят на ферме Падмішнеўе,  прыйшлося прымаць экстраныя меры – прадаць цялушак на комплекс па адкорму буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Лаўжанскае”, дзе яны акрыялі і набралі адпаведную вагу. “Сіроцінскі” пры гэтым атрымаў невялікія грошы, а “згубіў” паўсотню цялушак і застаўся ў мінусе па ўзнаўленні статку.
Падобная сітуацыя склалася і ў “Ульскім”. У мінулым годзе тут на некаторых фермах не было элементарных умоў ўтрымання цялят. Па словах галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу В. Г. Шыманец,  на фермах Убоіна і Грудзінава пастаянна парушалася тэхналогія   ўтрымання і кармлення цялят.  І тут таксама ў якасці “выратавальніка” выступіў жывёлагадоўчы комплекс “Лаўжанскага”, які забраў да сябе 35 цялушак з  гаспадаркі.  “Ульскі” застаўся ў мінусе. А вось у ААТ “Лаўжанскае” толькі выйгралі,  павялічылі колькасць пагалоўя на комплексе  да  4858 галоў.
“Колькасць пагалоўя нельга змяншаць, бо не выйдзем на патрэбны ўзровень рэнтабельнасці, – лічыць галоўны эканаміст “Лаўжанскага” Н. А. Рыбчанка. – Летась ад рэалізацыі мяса буйной рагатай жывёлы атрымалі 31,4 мільярда рублёў”. Дарэчы, жывёлагадоўчы комплекс ААТ “Лаўжанскае” гатовы сёння прадаць кандыцыйных цялушак у любую гаспадарку раёна.
І яшчэ адзін фактар, які ўплывае як на  ўзнаўленне статку, так і на  развіццё жывёлагадоўлі ўвогуле. Наяўнасць спецыялістаў. А іх у нас катастрафічна не хапае. Напрыклад, у “Сіроцінскім”, “Прыазёрным” і “Ульскім” няма галоўных заатэхнікаў, у некаторых акцыянерных таварыствах не хапае ветурачоў, у райплемстанцыі –  ветурачоў-гінеколагаў. Як выйсце, са спецыялістаў племстанцыі і ветстанцыі створаны спецыяльныя групы, якія рэгулярна аб’язджаюць гаспадаркі раёна. Але ім не замяніць талковага заатэхніка і ветурача, якія кожны дзень і на кожнай ферме абавязаны кантраляваць сітуацыю.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №12 ад 12.02.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *